Зборная Беларусі заняла другое месца ў медальным заліку ЧЕ-2019 па цяжкай атлетыцы

Зборная Беларусі заняла другое месца ў медальным заліку ЧЕ-2019 па цяжкай атлетыцы

98-ы чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы, які завяршыўся ў Батумі, аказаўся самым паспяховым у гісторыі беларускай штангі. Наша каманда заняла другое месца і ў агульным медальным заліку, і ў заліку з улікам «малых» узнагарод у асобных відах. Наперадзе толькі расіяне. У суме дваябор’я беларусы выйгралі восем узнагарод. Чэмпіёнамі Еўропы сталі Генадзь Лапцеў (61 кг), Дар’я Навумава (76 кг) і Яўген Ціханцаў (96 кг). Сярэбраныя медалі заваявалі Пётр Асаянок (81 кг) і Андрэй Арамнаў (109 кг). А на трэцюю прыступку п’едэстала гонару падняліся Юлія Асаянок (45 кг), Вадзім Ліхарад (73 кг) і Вадзім Стральцоў (102 кг).

З улікам малых медалёў (у рыўку і штуршку) і дваябор’я зборная Беларусі заваявала 19 узнагарод (7, 7, 5) і таксама размясцілася на другой пазіцыі ў табелі аб рангах.

Акрамя таго, мужчынская зборная краіны ў камандным заліку па ачках таксама стала другой, саступіўшы толькі камандзе Грузіі.

Неверагодна паспяховым аказаўся для нас гэты кантынентальны форум і ў тым плане, што нашы спартсмены перапісалі адразу 22 рэкорды: Еўропы, нацыянальных і моладзевых.

Наступнай сур’ёзнай праверкай на трываласць для беларускіх штангістаў стане чэмпіянат свету, які пройдзе ў верасні ў Тайландзе. Зразумела, да гэтых спаборніцтваў будзе прыкавана падвышаная ўвага нашых балельшчыкаў. У тым ліку і з улікам паказаных на ЧЕ вынікаў.

Вынік падвёў галоўны трэнер зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Віктар Шэршукоў: – Шчыра кажучы, задаволены ўсёй камандай. Каманда спрацавала проста супер! Не сорамна вяртацца дадому. Мерка за ўсё не медалі, а мерка за ўсё – як мы спрацавалі. Дык вось мы спрацавалі добра і перад беларускім народам не сорамна.

0 КАМЭНТАРЫ

Пакіньце свой каментар